САЮ́З ВАЯЎНІ́ЧЫХ БЯЗБО́ЖНІКАЎ (СВБ),
масавая атэістычная арг-цыя ў СССР у 1925—47. Створаны ў крас. 1925 на з’ездзе карэспандэнтаў газ. «Безбожник» (1922—41), да чэрв. 1929 наз. «Саюз бязбожнікаў». Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. савет (нязменны кіраўнік Е.М.Яраслаўскі). Мэта — ідэйная барацьба з рэлігіяй ва ўсіх яе праявах праз фарміраванне ў грамадзян СССР матэрыяліст. светапогляду. Інш. друкаваныя органы: час. «Безбожник» (1925—41), «Антирелигиозник» (1926—41), «Юные безбожники» (1931—33) і інш. У 1940 СВБ налічваў каля 3,5 млн. чл., 96 тыс. ячэек на прамысл. прадпрыемствах, у калгасах і навуч. установах. З ім супрацоўнічалі вядомыя камуніст. дзеячы Н.К.Крупская, А.В.Луначарскі, І.І.Скварцоў-Сцяпанаў і інш. СВБ прапагандаваў прыродазнаўчыя навук. веды, вёў індывід. атэіст. работу з вернікамі, навук. даследаванні ў галіне атэізму і крытыкі рэлігіі, выдаваў навук.-папулярную л-ру, ствараў музеі і выстаўкі. Ў практыцы мясц. ячэек СВБ (асабліва ў першы перыяд) мелі месца і гвалтоўныя метады: закрыццё з дазволу або па ініцыятыве ўлад храмаў, акты вандалізму, дэманстратыўныя абразы пачуццяў вернікаў. На Беларусі з 1926 існаваў СВБ БССР як рэсп. аддзяленне (да 1929 — Саюз бязбожнікаў Беларусі). У ім удзельнічалі бел. вучоныя С.Я.Вальфсон, І.В.Герчыкаў, М.М.Нікольскі, У.І.Пічэта і інш. З 1929 пры Белдзяржвыдавецтве існавала секцыя выданняў СВБ БССР. У 1929 2-і з’езд СВБ СССР і ЦВК СССР крытыкавалі СВБ БССР за гвалтоўныя метады дзейнасці.
З сярэдзіны 1937 у выніку рэпрэсій палітычных пацярпелі многія кіраўнікі і актывісты СВБ, дзейнасць Саюза пачала набываць фармальны характар, пачаўся адток членаў. У пач. Вял. Айч. вайны ў 1941 дзейнасць СВБ спынена, у 1947 ён фармальна распушчаны, яго сродкі і функцыі па прапагандзе атэізму перададзены зноў створанаму Усесаюзнаму т-ву па пашырэнні паліт. і навук. ведаў.
М.Г.Нікіцін, І.М.Чарнякевіч.
т. 14, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)